6 ліпеня 2022 года з 11.00 да 21.00, з нагоды народнага свята Купалле, музей «Лошыцкая сядзіба», філіял ДУ «Музей гісторыі горада Мінска», запрашае на мерапрыемства «Прыгоды на Купалле».
Кожны год 6 ліпеня нашы продкі адзначалі Купалле – абрадавае свята сонца і агню, багоў урадлівасці і росквіту зямлі.
У праграме мерапрыемства «Прыгоды на Купалле»:
11.00 – 21.00, сядзібны дом:
Настольная гульня-хадзілка «Купала», па матывах аповесці Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, перанясе амаль на 200 год таму ў Лошыцкую вёску Яўстафія Прушынскага, дзе ідзе падрыхтоўка да святкавання Івана Купалы. Разам з героямі гульні дзяўчынай Агаткай, пісарам Прушынскага, дзедам Апанасам і сялянкай Акулінай наведаеце сядзібу, карчму і даведаецеся пра мясцовыя стравы і напоі.
Гульня «Беларускі слоўнік» пазнаёміць з некаторымі музейнымі прадметамі. З дапамогай карт-перакрутаў дазволіць вывучыць іх беларускамоўную назву.
Размалёўка «Беларускі строй» дапаможа юным наведвальнікам даведацца пра мужчынскія, жаночыя і дзіцячыя касцюмы, якія беларусы выкарыстоўвалі ў штодзённым і святочным ўжытку.
12.00 – 21.00, сядзібны дом:
Майстар-клас па вырабу беларускай лялькі-берагіні прысвечаны традыцыі стварэння абярэгаў з тэкстылю і нітак: лялькі-мотанкі, лялькі-скруткі і іншыя.
Майстар-клас «Вышываем беларускі арнамент» пазнаёміць з вышыўкай крыжыкам беларускіх сімвалаў «берагіня», «багач» і «каханне», вобразамі «сонца», «чалавек», «маці-радзіцельніца», а таксама дапаможа стварыць незвычайную сурвэтку сваімі рукамі.
12.00-16.00, прысядзібны флігель:
Майстар-клас «Папяровая кветка» здзейсніць мару аб пошуку чароўнай расліны – папараць-кветкі, якая зіхаціць толькі адну ноч у годзе. Зробленыя сваімі рукамі з паперы гарлачыкі, цюльпаны і касачы стануць добрым напамінам пра магічную ноч і непаўторным упрыгожваннем інтэр’еру.
17.00, прысядзібны флігель:
Пад час гульні «Пішам глаголіцай» даведаецеся як ваша імя пішацца літарамі гэтага старадаўняга алфавіта, а наш госць – вядун Базыль – адгадае ваш дзень народзінаў і навучыць лічыць на старадаўні лад.
Пляценне купальскіх вянкоў, галоўнага атрыбута свята, з кветак і раслін Лошыцкага парка.
19.00, пляцоўка каля прысядзібнага флігеля:
Карагоды і народныя спевы з музыкамі-дударамі нагадаюць пра купальскія танцавальныя традыцыі беларусаў.
На працягу дня працуюць інсталяцыя «Дрэва жаданняў» і фотазона.
Музей «Лошыцкая сядзіба»
праезд Чыжэўскіх, д. 8-2, 10
тэрыторыя Лошыцкага сядзібна-паркавага комплекса
(017) 396 18 86
minskmuseum.by
6 ліпеня 2022
11.00 – 21.00
Уваходны квіток:
10.00 руб. – дарослыя
5.00 руб. – навучэнцы