Музей «Лошыцкая сядзіба»

Музей «Лошыцкая сядзіба», які адкрыўся ў красавіку 2015 г., размешчаны сядзібным доме — унікальным помніку архітэктуры XVIII — XIX стст. Сядзібны дом акружаны маляўнічым паркам, акрамя якога ў склад сядзібна-паркавага комплексу ўваходзяць прысядзібны флігель, домік вартаўніка, руіны капліцы, будынкі бровара і руіны млына.

Першая пісьмовая згадка аб Лошыцкай сядзібе датуецца 1557 годам. За больш чым 400-гадовую гісторыю Лошыцай валодалі многія вядомыя прадстаўнікі дваранскіх родаў, у тым ліку Друцкія-Горскія, Прушынскія, Любанскія. У маёнтку пабывала нямала вядомых і знакавых асобаў — драматург Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, мастак Юзэф Пешка, навуковец Мікалай Вавілаў і многія іншыя.

Свайго апагею развіццё Лошыцы дасягнула пры Яўстафіі Любанскім, які быў уладальнікам маёнтка з 1884 па 1913 гг. Пры ім Лошыца пераўтварылася ў адну з лепшых губернскіх гаспадарак і стала цэнтрам свецкага жыцця. У развіцці сядзібы немалую ролю адыграла і Ядвіга з роду Кеневіч, жонка Яўстафія. Лёс Любанскіх і гісторыя іх трагічнага кахання цяпер авеяны легендамі.

У залах сядзібы адноўлена атмасфера свецкага побыту канца XIX — пачатку XX стагоддзяў, можна ўбачыць адноўленыя інтэр'еры XIX ст., кафляныя печы і ляпны дэкор, антыкварную мэблю і прадметы мастацтва адпаведнай эпохі з прыватных калекцый і збору Музея гісторыі горада Мінска. Гістарычны раздзел экспазіцыі знаёміць з этапамі станаўлення і развіцця Лошыцы з X стагоддзя па савецкі час.

У прысядзібным флігелі экспануецца выстава «Кола часу», дзе прадстаўлены прадметы гарадскога і сельскага побыту канца XIX — сярэдзіны XX стагоддзяў: самавары, прасы, меднае начынне, транспартныя сродкі, прадметы ткацкага рамяства, адноўлены інтэр'еры пакоя кухаркі і сталовай.